Удзельніца цыркавой студыі «Фантазёры» Аршанскага гарадскога Цэнтра культуры «Перамога» Дар'я Башкова (на здымку) удастоена прэміі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
У асабістай скарбонцы дзяўчыны шмат розных грамат, дыпломаў і прызоў. Дар'я з ранняга дзяцінства займаецца цыркавым мастацтвам. Які ж яшчэ мог быць шлях у дачкі кіраўніка цыркавой студыі Святланы Раўкоўскай?
Дзякуючы ўпартай працы дзяўчына асвоіла розныя жанры цыркавога мастацтва: эквілібрыстыку, акрабатыку, жангліраванне. І цяпер з арыгінальнымі нумарамі заваёўвае блізкае замежжа, практычна з усіх фестываляў вяртаючыся з узнагародамі розных ступеняў. Але, як яна кажа сама, куды важней для яе вопыт, знаёмства з новымі людзьмі і ўражанні. Дар'я цвёрда вырашыла, што цырк – гэта яе будучыня!
Па словах начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аршанскага райвыканкама Ганны Святловой, з мэтай падтрымкі таленавітай моладзі і іх творчай самарэалізацыі на Аршаншчыне праводзіцца мноства значных мерапрыемстваў: фестывалі-конкурсы «Юны канцэртмайстар», «Аршанская скарбніца», форум-фестываль фартэпіяннай музыкі і іншыя.
– Сістэматычная работа па выяўленні, падтрымцы і развіцці творчых здольнасцяў навучэнцаў Аршаншчыны дае свае вынікі, – кажа Ганна Аляксандраўна. – Штогод банк дадзеных таленавітай моладзі Віцебскай вобласці папаўняецца новымі імёнамі.
Напрыклад, туды ўключаны навучэнка Аршанскай дзіцячай школы мастацтваў №1 Анастасія Салодкая, а таксама Дар'я Башкова. Навучэнкам аршанскай дзіцячай школы мастацтваў №1 Сафіі Шынкевіч і Марыне Ахрыевай уручаны прэміі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў як пераможцам заключных этапаў міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў.
Нашы маладыя артысты ў чарговы раз прымусілі з павагай казаць пра беларускае мастацтва. Хочацца верыць, што галоўныя поспехі ў іх яшчэ наперадзе.